Мышка і кніжка
Мышка лыжкай кашу ела,
Кашу есці не хацела.
Мама-мышка просіць, просіць!
Лыжку міма мышка носіць.
Міма рота носіць лыжку,
Бо раз-пораз – зірк! – у кніжку.
Кніжка ў мышкі пра катоў,
Пра нахабных вуркатоў.
Марыць мышка дужай быць
І нягоднікаў злавіць –
Чорных, белых, паласатых,
І пухнатых, і вусатых,
І вялікіх, і малых,
Маладзенькіх і старых.
І драпежнікаў-піратаў
Звесці мышка будзе рада.
Усіх – з зялёнымі вачыма…
Усіх, усіх, каго магчыма!
Мышка лыжкай кашу ела,
Дужай быць яна хацела!
Зай
Ходзіць Зай – ды па капусце,
Носіць сон у белай хусце.
Зай, сыночку сон аддай,
А сам побач спачывай…
Дожджык-грыбасей
Дожджык, дожджык
Грыбасей!
Кроплі буйна,
Шчодра сей!
Там, дзе ўчора
Дождж прайшоў,
Скарб сабе
грыбнік знайшоў.
Пад сасонкаю –
Масляк,
А пад елкаю –
Казляк.
І лісічкі,
І ваўнянкі
Знойдзе ён,
Бо ў лесе зранку
Дожджык, дожджык,
Грыбасей!
Кроплі буйна,
Шчодра сей!
Таццяна Мушынская